ФА́ЗАВЫ ПЕРАХО́Д, фазавае ператварэнне,
пераход рэчыва з адной фазы ў другую пры змене параметраў стану, што характарызуюць раўнавагу тэрмадынамічную. Значэнне т-ры, ціску або якой-н. інш. фіз. велічыні, пры якой адбываецца Ф.п. у аднакампанентнай сістэме, наз. пунктам пераходу.
Адрозніваюць Ф.п. двух родаў. Пры Ф.п. I роду ўласцівасці, што паказваюцца першымі вытворнымі энергіі Гібса G (гл. Патэнцыялы тэрмадынамічныя) па ціску, т-ры і інш. параметрах (адпаведна аб’ём, энтальпія і інш.), у пункце пераходу мяняюцца скачком пры неперарыўнай змене параметраў. У аднакампанентнай сістэме сувязь паміж т-рай Ф.п. і ціскам устанаўліваецца Клапейрона—Клаўзіуса ўраўненнем. Ф.п. I роду адбываюцца з вылучэннем або паглынаннем цеплаты (цеплата Ф.п.). Для іх характэрна існаванне вобласці метастабільнай раўнавагі паблізу ад крывой Ф.п. (гл. ў арт. Метастабільны стан). Да Ф.п. I роду адносяць выпарэнне і кандэнсацыю, плаўленне, крышталізацыю, сублімацыю і дэсублімацыю, большасць паліморфных ператварэнняў (гл. Полімарфізм у хіміі), некат. структурныя пераходы ў цвёрдых целах, напр., утварэнне мартэнсіту ў сплаве жалеза — вуглярод; у чыстых звышправадніках магн. поле выклікае Ф.п. I роду са звышправоднага ў нязвышправодны стан. Пры Ф.п. II роду энергія Гібса G і яе першыя вытворныя па т-ры, ціску і інш. параметрах стану мяняюцца неперарыўна, скачком зменьваюцца другія вытворныя G (адпаведна цеплаёмістасць, каэф. сціскальнасці і тэрмічнага расшырэння); цеплата не вылучаецца і не паглынаецца. Агульную трактоўку Ф.п. II роду як пункта змены сіметрыі прапанаваў у 1937 Л.Д.Ландау, вышэй пункту пераходу сістэма, як правіла, мае больш высокую сіметрыю, чым ніжэй гэтага пункту. Да Ф.п. II роду, якія адбываюцца пры змене т-ры, адносяцца, напр., пераход парамагнетык — ферамагнетык, які абумоўлены ўзнікненнем макраскапічнага магн. моманту, пераход дыэлектрык — сегнетаэлектрык з узнікненнем самаадвольнай (спантаннай) палярызацыі рэчыва (гл. Кюры пункт), пераход металаў у звышправодны стан у адсутнасці магн. поля.
Літ.:
Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теоретическая физика. Т. 5. Статистическая физика. Ч. 1. 4 изд. М., 1995;
Паташинский А.З., Покровский В.Л. Флуктуационная теория фазовых переходов. 2 изд. М., 1982.
А.П.Чарнякова.
т. 16, с. 304
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)